Змітрок Бядуля – Малыя дрывасекі Зімовы дзень блішчыць тысяччу агнёў. Люты мароз. Снег пад нагамі скрыпіць, як жывы. Бор атулены ў белую пушыстую світку. Ён стаіць задуменны, як сівы дзед. Грукат дрывасекаў разлягаецца водгаласкамі па ваколіцы. Трах-трах! Трах-трах! Яшчэ здалёк можна было прыкмеціць, як блішчыць пад сонцам піла, а абапал матулі-хвоі мітусяцца, як мурашкі, двое маленькіх хлапчукоў. Яны махаюць рукамі гэтак шпарка, што іх падраныя лахманы расхрыстваюцца і адкрываюць голае цела… Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі і… тра-а-ах! – плазам упала шурпатае дрэва. З-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка. Малыя дрывасекі – браты. Старшаму – Цішку – дзесяць гадоў, меншаму – Халімону – восем. Іх бацька – кульгавы Цыпрук – сам працаваць не мог. Выпраўляў кульгавы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі. Гэтым кармілася сям’я. Трудна жылося малым дрывасекам. - Добра, што хоць на полудзень маем па кавалку хлеба… Паваліўшы некалькі хвой, хлопчыкі ўзяліся шчыра грызці сухі хлеб. Вочы іх заіскрыліся, шчокі расчырванеліся… - Ого, есці, ого!.. Якая радасць!.. Яшчэ не скончылі яны палуднаваць, як узнялася завея, мяцеліца. Застагнаў, закрахтаў хвойнік. Пачаў кружыцца снег. Быццам белыя коні, уздыбіліся гурбы… Усе дрывасекі разбегліся хутка дамоў, а Цішка з Халімонам баяліся, каб бацька не наракаў, што зарана прыйшлі з лесу… Селі пад вялікай хвояй, прытуліліся адзін да аднаго і дрыжэлі… - Баюся! – усхліпваў меншы, Халімон. - Во, дурань, чаго баяцца?! – супакойваў яго большы, Цішка. – Зараз дамоў пойдзем. - Дамоў пойдзем! – шаптаў Халімон. Яны пайшлі. Стагнаў і палохаў бор, але хлопчыкі так-сяк ішлі, а на чыстым полі нічога не відаць было. Гурбы снегу, нібы белыя мядзведзі, качаліся на прасторы, дыхалі холадам ды сыпалі цвёрдым шротам у вочы… Хадзілі-хадзілі, брылі-брылі, але куды – і самі не ведалі… Змарыліся. Агарнула ноч. Снег дайшоў вышэй пояса. - Ляжам! – сказаў меншы, Халімон. - Ляжам! – сказаў большы, Цішка. І ляглі. Моцна-моцна прытуліліся адзін да аднаго. Зрабілася так цёпла… І здаецца ім – сядзяць яны за сталом… Маці радуецца, што прыйшлі… Корміць іх цёплым праснаком… Бацька пазірае на іх добрымі вачамі і лагодна ківае галавой. Пад’елі і паляглі на палок каля печы… Котка лашчыцца да іх, і яны радасна заснулі… . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . У поўнач усцішылася мяцеліца. Вынырнуў з-за хмар чырвоны месяц. Вакол яго мігацеліся зоркі і пазіралі весела на белую зямлю. Толькі на трэці дзень адкапалі замёрзшых малых дрывасекаў. 😓😥😢😭😭😭😭😭 #дрывасекі #дзеці #дзіцячаялітаратура

Теги других блогов: дети лес трудности